КАЛЫ́МСКАЕ НАГО́Р’Е, Гыдан,

на ПнУ Сібіры, пераважна ў Магаданскай вобл. Расіі. Даўж. каля 1300 км ад хр. Сунтар-Хаята на У і ПнУ да даліны р. М. Анюй і да вытокаў р. Анадыр. Аддзяляе бас. р. Калыма ад рэк бас. Ціхага ак. Складаецца з плато, сярэднягорных хрыбтоў і масіваў (выш. да 1962 м у Амсукчанскім хр.), падзеленых тэктанічнымі ўпадзінамі. Зах. ч. нагор’я складзена пераважна з алеўралітаў і пясчанікаў, усх. — з эфузіўных адкладаў. Са шматлікімі гранітнымі інтрузіямі звязаны залатое, алавянае і рэдкаметалавае зрудзяненні. Ва ўпадзінах каменна- і буравугальныя радовішчы. На зах. схіле К.н. клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра ліп. 8—10 °C, студз. -40 °C. Лета сухое. Усх. схіл наветраны, вільготны. Сярэдняя т-ра ліп. 4 °C, студз. да -20 °C. Даліны і ніжнія ч. схілаў укрыты лістоўнічнымі рэдкалессямі, вышэй 500 м на Пн і 800 м на Пд — хмызняковая і мохава-лішайнікавая горная тундра. На дне далін поймавыя лясы.

т. 7, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)